26 лістапада 2016 г. у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылася знамянальная падзея – прэм’ера рок-оперы "Чарадзей". Аўтар праекта – прадзюсар і музыкант Раман Арлоў, ён жа аўтар музыкі, тэкстаў і лібрэта. Праект быў ажыццёўлены намаганнямі розных творчых калектываў – гурта "У нескладовае", саліста групы "Купалінка" Белдзяржфілармоніі Уладзіміра Сцяпанкова, фольк-дэнс-тэатра "Альтана", выкладчыкаў і студэнтаў Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава.
У аснове твору – гісторыя легендарнага полацкага князя Усяслава Брачыслававіча, празванага “Чарадзеем”. Акрамя непакорнага і свабодалюбівага князя аўтар лібрэта ўвёў у оперу шэраг рэальных і містычных персанажаў з розных часоў беларускай гісторыі: гэта і знакамітая ўнучка князя Еўфрасіння Полацкая, і міфалагічная істота Мара, і беларуская дзяўчына з ХХI стагоддзя Кася. Усе яны, злучаныя праз час і прастору, удзельнічаюць у лёсе Чарадзея і сваёй еднасцю з князем актуалізуюць прыгажосць і вечнасць духоўных каштоўнасцей, за якія змагаўся беларускі ўладар.
Рэжысёр праекта – студэнт спецыяльнасці "Мастацтва эстрады (прадюсарства)" Уладзімір Палішчук.
Аўтар і выканаўца касцюмаў – старшы выкладчык кафедры мадэлявання касцюма Валерыя Крыса.
У праекце былі задзейнічаны студэнты спецыяльнасцей "Мастацтва эстрады (спевы)" і "Культуралогія" Максім Петухоў (князь Ізяслаў), Анастасія Купрыянцава (Еўфрасіння Полацкая), Дзіяна Таніна, Яна Чарнышэвіч, Наталля Чайко, Алёна Рамановіч, Кацярына Гладкова (удзельнікі хору). Выканаўца на клавішных – Лідзія Сікорская.
Опера прагучала ў "жывым" выкананні, без выкарыстання фанаграм.
Інстытут выказвае ўдзячнасць аўтарам і выканўцам праекта і пажаданні творчых поспехаў!
Кацярына Поцюс (Кася), Анастасія Купрыянцава (Еўфрасіння Полацкая)
А.Купрыянцава (Еўфрасіння Полацкая), В.Крыса (аўтар касцюмаў), М.Петухоў (князь Ізяслаў)
На рэпетыцыі
Пасля прэм’еры
З выканаўцам галоўнай ролі Уладзімірам Сцяпанковым (Чарадзей)