Новости

«Таямніцы замкаў Беларусі». Сустрэча з Анатолем Бутэвічам

У Інстытуце 1 сакавіка 2016 года адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам, перакладчыкам, публіцыстам, крытыкам, грамадскім дзеячам Анатолем Іванавічам Бутэвічам. 

IMG_1.JPG

Анатоль Іванавіч Бутэвіч – яскравая асоба ў сучасным культурным жыцці Беларусі. Творчую работу ён арганічна спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю, накіраванай на ахову і абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гэтай справе ён аддае амаль увесь свой час і жыццёвыя сілы, працуючы ў Беларускім фондзе культуры, у складзе Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. 

IMG_2.JPG

Натуральна, што гісторыя і культура Беларусі, выхаванне пачуцця гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці сталі галоўнымі тэмамі ў творчасці Анатоля Іванавіча. У яго кнігах "Сем цудаў Беларусі" для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, гістарычных раманах, аповесцях, дакументальна-публіцыстычных выданнях велічна і прыгожа паўстае Беларусь – краіна замкаў і цудаў, таленавітых людзей, якія самааддана працуюць на карысць сваёй Бацькаўшчыны, услаўляючы сваю мову і культуру, імкнуцца жыць у згодзе са сваімі суседзямі. 

IMG_3.JPG

Творчая сустрэча, на якую сабраліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Інстытута, была прысвечана серыі кніг А.Бутэвіча, што выйшлі ў апошнія гады: «Таямніцы Мірскага замка. Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам» (Мінск, 2011); «Таямніцы Нясвіжскага замка. Падарожжа ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем» (Мінск, 2013); «Таямніцы Крэўскага замка. Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім» (Мінск, 2015). 

IMG_4.JPG

Аўтар распавёў сваю біяграфію, насычаную цікавымі падзеямі і творчымі здабыткамі. Аповед аб знакамітым Крэўскім замку захапіў і акунуў усіх прысутных ў таямнічую атмасферу беларускай гісторыі, літаральна зрабіўшы сведкамі даўніх падзей. Гэта стала магчымым дзякуючы асабліваму падыходу аўтара – знаходзіць у агульнавядомых фактах непрыметныя на першы погляд дробязі, з дапамогай якіх пісьменнік, прыкладаючы сваю творчую фантазію, стварае яркі, маляўнічы і жывы вобраз мінуўшчыны. 

IMG_5.JPG

Таямніцы гісторыі, на думку Анатоля Бутэвіча, звязаны не толькі з выдатнымі помнікамі. Шмат у чым загадкавай для нас з’яўляецца творчасць некаторых беларускіх мастакоў, сярод якіх найбольш вылучаецца сваім незвычайным лёсам Максім Багдановіч. Яго дасканалыя ў мастацкім плане творы, прасякнутыя болем за лёс Беларусі, сёння гучаць больш чым актуальна – вучаць нас любові да прыгожага і ўзнёслага, павагі да сябе, сваёй Радзімы і матчынай мовы, у мастацкіх вобразах ускрываюць сэнс чалавечага існавання на гэтай зямлі.

IMG_6.JPG

Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі змаглі задаць Анаталю Іванавічу пытанні і атрымаць аўтограф. 

IMG_7.JPG

Выказваем вялікую ўдзячнасць Анатолю Іванавічу за творчую сустрэчу, якая стала сапраўднай падзеяй у жыцці нашага Інстытута. 

IMG_8.JPG

IMG_9.JPG

Аўтар артыкула М.І.Казловіч
Фота – В.У.Кірылюк

03.03.2016

Другие новости


Страницы: 1 2 3 4 5 ... 141 >>


  db91239b.jpg     baner.png